Аб гэтым карэспандэнт www.euramost.org гутарыць з палітолагам Валерыем Карбалевічам.
24 студзеня Мінгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу праваабаронцы Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 гады турмы. Прысуд пакінуты без зменаў, касацыйная скарга не задаволеная.
У той жа час, міністры замежных справаў Еўрасаюза на сваім пасяджэнні ў Бруселі пастанавілі пашырыць крытэрыі выкарыстання рэжыму санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска.
Па згаданаму пашырэнню крытэраў цяпер пад еўрапейскія санкцыі могуць патрапіць не толькі асобы, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у пераследзе пратэстуючых ў Беларусі, але і парушальнікі правоў чалавека наогул і асобы, якія падтрымліваюць беларускі рэжым эканамічна.
- Пакуль ёсць магутная эканамічная падтрымка з Масквы, адносіны з Еўропай для афіцыйнага Мінска не цікавыя, - кажа палітолаг. - У такім выпадку можна ўзмацняць ціск на дэмакратычную супольнасць унутры краіны, не выпускаць з турмаў палітвязняў, пакідаць у сіле прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму... А тымі санкцыямі, што прапаноўвае Захад, беларускую ўладу не дастанеш.
- Няўжо беларускі бок не разумее, што дыялог з Еўропай - гэта інвестыцыі, новыя праграмы, фінансы?
- Справа ў тым, што беларуская ўлада жыве сённяшнім днём. Бліжэйшымі месяцамі, бліжэйшым годам... Аб перспектыве там, па-мойму, не думаюць. Яны не лічаць праблемай развіццё краіны. Для іх праблема - выжыванне. І гэты курс на выжыванне дыктуе рашэнне штодзённых праблем, не зазіраючы далёка ў будучыню. Вырашаюцца ў першую чаргу самыя вострыя праблемы. Гэта пагроза сацыяльных хваляванняў і сацыяльнага напружання ў краіне, што стала вынікам эканамічнага крызісу, напружаная сітуацыя ў працоўных калектывах. Каб навесці "парадак" і закручваюць гайкі. Кантакты з Захадам у гэтым сэнсе адыходзяць на другі план, на перспектыву.
- А чаму б не даіць двух кароў? Адпусціць палітвязняў, зноў пачаць касметычную лібералізацыю, пасля чаго фінансавая дапамога будзе не толькі з боку Расіі, але і з Захаду.
- За заходнія грошы трэба плаціць такую цану, якую беларуская ўлада лічыць занадта дарогай. Гэтая цана - вызваленне палітвязняў, паслабленне рэпрэсій... Але беларуская ўлада баіцца, што ў цяперашніх умовах лібералізацыя можа прывесці да таго, што ў грамадстве знікне страх, могуць пачацца сацыяльныя канфлікты. Людзі ўжо выходзяць з афіцыйных прафсаюзаў, каб аб'яднацца ў незалежныя. А там і да вулічных пратэстаў не далёка... Так што ўлада не пойдзе ні на якую лібералізацыю. На Еўропу проста махнулі рукой, тым больш, што Крэмль пакуль дапамагае.
- Але ж кіраўнік дзяржавы выказаўся аб магчымасці правядзення ў краіне якіх-небудзь палітычных рэформаў...
- Пакуль што гэта ўсё словы. Як вядома, у нас шмат рабілася усялякіх заяваў, але многія з іх так і заставаліся словамі. Да таго ж, усе гэтыя рэформы адсунутыя на нявызначаны тэрмін, пасля парламенцкіх выбараў... Да таго часу сітуацыя можа яшчэ тысячу разоў змяніцца. Памятаеце, Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб тым, што магчымы «Круглы стол» з апанентамі? І дзе ён, гэты стол? Калі рэформы і будуць, то гэта будзе нейкая буфанада, змена дэкарацый, але не сур'ёзныя палітычныя рэформы. Улада баіцца гэтых рэформаў, як агню. Яна бачыць, як змянілася стаўленне людзей да інстытутаў дзяржаўнай улады.
- Адным словам, перспектыва ўбачыць у бліжэйшы час на волі палітвязняў зусім не аптымістычная?
- Пакуль што бачны зваротны трэнд - ціск на палітвязняў. Хоць, на маю думку, уладам цяпер вельмі важна прымусіць «палітычных» напісаць прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Па-першае, людзі будуць дыскрэдытаваныя ў вачах народу і апазіцыйным асяроддзі. Канкурэнты такім чынам будуць дэмаралізаваныя і нейтралізаваныя. Па-другое, гэта пэўны сігнал Захаду. Маўляў, не жадаеце па-добраму, тады глядзіце, як будзе па-дрэннаму. І нарэшце - гэта чыста псіхалагічны момант, калі ўлада хоча зламаць ворага, атрымаўшы пры гэтым маральнае задавальненне
26.01.2012 11:39
Валерый Карбалевіч: Беларуская ўлада жыве не перспектывай, а сённяшнім днём
Written by Рэдактар-
font size
decrease font size
increase font size
- Друк
Комментарии: